Политика

Бабарыка: «Я, нарэшце, вырашыў праблему з разуменнем таго, чым буду займацца з пункту гледжання свайго жыццезабеспячэння»

Экс-прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах 2020-га са снежня 2025 года ўладкоўвае сваё жыццё на волі. Чым ён займаецца цяпер, ці збіраецца вяртацца ў палітыку і ці сапраўды лічыў, што можа атрымаць уладу? Пра гэта і іншае Віктар Бабарыка расказаў у эфіры Беларускай службы Польскага радыё.

«Часам называю сябе віп-эмігрантам»

— Я цяпер знаходжуся ў Нямеччыне, жыву ў Берліне, і часам называю сябе віп-эмігрантам, таму што нейкія працэдуры і, напэўна, нейкія магчымасці, якія з'явіліся дзякуючы прамому запрашэнню ўрада Нямеччыны, а таксама прадастаўленне мне бежанства або прытулку з боку Нямеччыны нейкім чынам, вядома ж, дапамагаюць, і вельмі добра дапамагаюць беларусы Берліна, якія тут ёсць.

Вельмі добра было пастаўлена прыём, забеспячэнне, праходжанне медыцынскага агляду, прадастаўленне медыцынскіх паслуг. На сённяшні момант практычна вырашаны ўсе пытанні па дакументах, гэта значыць у мяне ёсць пашпарт замежніка для падарожжаў, у мяне ёсць нямецкае  ID, у мяне ёсць страхоўка нямецкая, я зарэгістраваны ў джоб-цэнтры і атрымліваю дапамогу. Побытавыя пытанні вырашаныя.

Я, нарэшце, вырашыў праблему з разуменнем таго, чым буду займацца з пункту гледжання свайго жыццезабеспячэння. Адна з асноўных частак майго жыцця будзе прысвечана бізнесу. Я зарэгістраваў кампанію ў Нямеччыне, сфармаваў разуменне комплексу паслуг, якія гэтая кампанія будзе аказваць. Ужо вяду перамовы аб заключэнне кантрактаў.

Агульны кірунак — гэта кансалтынг і трансфармацыя людзей і кампаній у AI Native Life і AI Native Company.

Я вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь. Адпаведна, я хачу жыць у Беларусі, я хачу працаваць у Беларусі, я хачу прыносіць карысць, у першую чаргу, вядома, у Беларусі. Таму пры любой магчымасці, і нават у тым ліку і ў рамках таго, чым я буду займацца, адзін з самых галоўных прыярытэтаў — ці можа гэта быць карысна беларусам.

«Сказаць, што я цяпер змагаюся за крэсла прэзідэнта будзе няправільна»

Ці збіраецца Віктар Бабарыка займацца палітыкай? Ці бачыць сваё месца на палітычным полі?

— Для мяне палітык — гэта чалавек, які альбо валодае інструментамі ўлады, альбо змагаецца за тое, каб валодаць гэтымі інструментамі ўлады. І таму я магу дакладна сказаць, што ў 2020 годзе, калі я вылучыў сваю кандыдатуру, я дакладна хацеў быць палітыкам. Вось тут у мяне няма ніякіх сумневаў, я гэта пацвярджаю.

Сказаць, што я цяпер змагаюся за тое, каб стаць палітыкам, атрымаць крэсла прэзідэнта, напэўна, гэта будзе няправільна. І таму з гэтага пункту гледжання я не палітык.

Але я выразна сабе ўяўляю, што палітычнае поле, партнёры і людзі, з якімі мы супрацоўнічаем, або праекты, якімі мы займаемся і будзем займацца, безумоўна, звязаныя з тымі, хто займаецца палітыкай. Таму я, напэўна, скажу, што я чалавек, які ў тым ліку будзе працаваць на палітычным полі. Вось, напэўна, так.

«У вас ёсць звесткі пра падтрымку Расіяй майго вылучэння?»

— Шмат для каго ў 2020 годзе было дзіўна чытаць і слухаць пра ўпэўненасць Бабарыкі ў тым, што ён здолее перамагчы на выбарах. Адкуль гэта ўпэўненасць? Шмат хто думаў і думае, што справа ў негалоснай падтрымцы Расіі. 

— Думаю, я нешта зрабіў, каб стаць тым, кім я стаў. Разам са сваёй жонкай мы зрабілі выдатную сям'ю. Разам са сваімі калегамі мы зрабілі адзін з лепшых банкаў. Разам з банкам мы зрабілі мноства класных праектаў. Лагічнае развіццё ўсёй гэтай справы — разам зрабіць лепшую краіну.

І здавалася, што вось гэтыя пасылы, якія я дасылаў, маглі б укласціся ў тое, каб хтосьці прыйшоў і сказаў: «Давай зробім разам». Але чамусьці ў 2020 годзе ніхто мне гэтага не прапанаваў.

Для мяне гэта было эвалюцыйнае развіццё. Я павінен быў зрабіць гэты крок. Я павінен зрабіць тое, што магу для таго, каб не толькі банк, не толькі праекты, але і краіна, як мне здаецца, магла жыць лепш.

Беларусь — гэта што? І рэжым, і ўрад, і краіна — гэта людзі. Дык вось, у некаторых людзей атрымліваецца, у некаторых не атрымліваецца. Калі ў мяне атрымліваецца, калі ў мяне ёсць гісторыя поспеху, чаму я не магу гэтую гісторыю поспеху падоўжыць?

Я не збіраюся вас пераконваць у чымсьці, навошта мне гэта рабіць. У чым выяўляецца, як можна даведацца, падтрымка майго рашэння ў відавочным выглядзе ці ў невідавочным?

Калі я прыняў гэтае рашэнне, я як адказны менеджар, безумоўна, патэлефанаваў членам савета дырэктараў і паведаміў пра сваё рашэнне. Таму што я наёмны менеджар, я гэта абавязаны зрабіць. Я парушыў пэўны рэгламент, таму што пра такія рэчы трэба казаць за месяц. І я прапанаваў два варыянты: адправіць мяне ў адпачынак, што, увогуле, было б лагічна, і тады было добра, альбо звольніць.

Уласна, на працягу сутак, я так разумею, прайшлі кансультацыі, і варыянт, што мяне адправяць на месяц у адпачынак, быў прызнаны дрэнным. І мяне звольнілі за дзень. І ў выніку, калі я ішоў і падаваў дакументы, я ўсюды сумленна пісаў, што я іду як беспрацоўны.

«Я не думаў, што будзе такая цана»

— Падзеі 9 жніўня і пасля не былі абсалютна ўнікальнымі для Беларусі. І ў 1996-м, і ў 2006-м, і ў 2020-м людзей збівалі, затрымлівалі і давалі вялікія тэрміны кандыдатам у прэзідэнты. Чаму такі сцэнар не разглядаўся Бабарыкам? Што для яго было нечаканасцю? І хто ж вінаваты?

— Я абсалютна перакананы, што адзіны варыянт сапраўднай дэмакратыі гэта тады, калі народ выбірае сваю ўладу. Я веру і дагэтуль перакананы ў тым, што надыдзе час, і я для гэтага зраблю тое, што я магу зрабіць, каб у Беларусі сфармаваліся ўмовы, пры якіх насамрэч можна будзе выбіраць сваю ўладу беларускаму народу, тую, якую ён палічыць патрэбнай.

Тое, што за гэта права, якое было выказана 9 жніўня 2020 года, беларускі народ заплаціў такую велізарную цану, і што яна будзе такой, магу шчыра сказаць, што так, я не думаў, што будзе такая цана. Гэта праўда. Ні для мяне, ні для майго сына, ні для маіх сяброў, ні для беларускага народа. Вось гэта я дакладна магу сказаць.

Але я чамусьці не памятаю ніводнага нармальнага, афіцыйна ці неафіцыйна апублікаванага матэрыялу, ва ўсякім выпадку да 18 чэрвеня, дзе было сказана, што дзеянні Бабарыкі і тое, што тады адбываецца, завершыцца тым, што ўсіх перасаджаюць. Вось чагосьці я такога не памятаю.

«Пагроза страты незалежнасці рэзка павялічылася»

— Ці варта чакаць вакна магчымасцяў, якім яно будзе для Беларусі? Што будзе з сістэмай бяспекі і «рускім светам»?

— Вакно магчымасцяў ёсць заўсёды і ўсюды. Не бывае абсалютнага тупіка. Выйсце заўсёды ёсць. Я праграміст у мінулым жыцці, я заўсёды ведаю, што аднаго кірунку няма. Заўсёды ёсць «так» ці «не». Таму, як мінімум, два варыянты ёсць. Раз ёсць два варыянты, значыць, вакно магчымасцяў заўсёды існуе. Якое яно?

Для мяне, напрыклад, цалкам відавочна, калі проста дыскрэтна. У Беларусі ёсць два варыянты. Гэта значыць, альбо яна перастане існаваць, альбо яна ўсё ж такі застанецца незалежнай краінай. Пакуль вось гэта самая, мне здаецца, вялікая рызыка.

Тое, што адбылося пасля 2020 года, настолькі шчыльна прывязала Беларусь да Расіі, уключаючы ўдзел нашай краіны ў вайне, што варыянтаў, я б сказаў так, вырвацца стала яшчэ менш, чым было ў 2020 годзе. Таму пагроза страты незалежнасці рэзка павялічылася. Гэта маё меркаванне.

Я абсалютна перакананы, што падзеі 2020 года не адбыліся б, калі б не было падтрымкі з боку Расіі. Я не кажу, што яны вінаватыя, але калі б не было падтрымкі, напэўна, такой жа жорсткасці і страху такога не было. Але гэта адна гісторыя.

Другая, калі ўсё ж нам усім разам, у тым ліку і мне, удасца зрабіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося, уключаючы намаганні і на палітычным полі, каб, калі будзе сфарміравана новая канструкцыя бяспекі пасля гэтай жорсткай вайны, развязанай Расіяй, і статус Беларусі, калі ўжо не будзе вызначаны дакладна як незалежнай краіны, то хаця б будзе прадметам далейшага абмеркавання.

Калі ў рамках вось гэтай канструкцыі будзе сказана, што гэта ўсё ж такі сфера ўплыву «рускага свету», то вакно магчымасцяў застанецца настолькі мізэрным, што, ну, не ведаю...