Филин

Юлія Кот

«Баюся, каб не пачалі несці, што ўсе патрэбы і мэты дзяўчыны — нараджаць, а хлопчыкі не плачуць»

Филин абмеркаваў з практыкуючымі псіхолагамі, ці змогуць беларускія школы навучыць падлеткаў псіхалагічнаму дабрабыту і ўзаемадапамозе.

З новага навучальнага года беларускім школьнікам прапануюць яшчэ адзін факультатыў: «Мое психологическое благополучие и помощь сверстникам в кризисной ситуации». Мінадукацыі сцвярджае, што гэта добрая і доўгачаканая навіна. Нюанс у тым, што раней такая праграма была распрацаваная толькі для старшакласнікаў, а цяпер яе прапануюць і вучням 5—7 класаў.

Распазнаць прыкметы крызісу, падтрымаць сябра, паклапаціцца пра сябе — гучыць насамрэч добра. Тым больш сцвярджаецца, што алгарытмы адаптаваныя для ўзросту сярэдніх школьнікаў.

Але разам з тым узнікаюць пытанні: у школах настолькі нестае псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, якія акурат мусяць весці з дзецьмі гэтую працу? І хто менавіта будзе навучаць падлеткаў? Падзяліцца думкамі пра новы факультатыў «Филин» папрасіў экспертак, практыкуючых псіхолагаў, якія шмат працуюць з дзецьмі і падлеткамі з Беларусі.

«Размаўляць трэба шмат, не эпізадычна, а штодня»

Дзіцячы псіхолаг Іна Задзвінская звяртае ўвагу: аб’ём гадзін факультатыву нязначны, усяго гадзіна раз на тыдзень.

— Сам такі курс — задумка нядрэнная, але што будуць даводзіць дзецям у яго межах — пытанне адкрытае. У праграме, у метадычках напісаныя агульныя рэчы пра ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Але абы які-падыход можа сапсаваць нават добры пасыл. А ўлічваючы, што цяпер адбываецца ў Беларусі — сапсаваць могуць усё.

Я спадзяюся, што дзецям будуць распавядаць: калі здараецца бяда, яны не сам-насам з ёй, што можна звярнуцца па дапамогу. На мой погляд, курс мусіць быць пра тое, як распазнаць, што табе дрэнна насамрэч (а дрэнна падлетку можа быць ажно да дэпрэсіі), і сказаць пра тое — не сорамна. Псіхолаг павінен данесці думку: калі ў цябе крызіс, ты не нейкі дурнаваты ці слабы, хто не можа «выплыць» сам, і не трэба баяцца прасіць падтрымкі.

Іна Задзвінская

Больш за ўсё баюся, каб на тым факультатыве не пачалі несці штосьці гендарнае. Кшталту, што ўсе патрэбы і мэты дзяўчыны — нараджаць, што хлопчыкі не плачуць, што толькі поўная сям’я, у якой ёсць бацька і маці — годная, а іншыя нягодныя. Гэта бязглуздзіца, але такое могуць зрабіць.

Шмат што залежыць ад рэалізацыі на месцах, ад чалавека, якому ў рукі патрапіць курс. Будзе гэта чалавек разумны, адукаваны, ці ў яго самога зашмат дурніны ў галаве, альбо наогул нейкія дамастроеўскія скрэпы.

Быць можа, нават лепей, калі такі факультатыў будзе весці сярэднячок, хто проста скарыстаецца метадычнымі рэкамендацыямі, практыкаваннямі і вучэбнымі матэрыяламі, чым той спецыяліст, хто глыбока разбіраецца ў тэме, але будзе насаджваць дзецям свой асабісты погляд на свет. Напрыклад (я непасрэдна бачыла, на жаль, такі выпадак), дыскрымінацыйнае перакананне: калі ў цябе сын — гей, то лепш ніякага, чым такі.

І ў гэтым сэнсе добра, што факультатыў усяго гадзіну на тыдзень. Распавесці агульныя рэчы за гэты час можна, паказаць падлеткам, што псіхолаг — нармальны жывы чалавек, да якога варта звяртацца. А сур’ёзна нашкодзіць, спадзяюся, не атрымаецца.

Чым у такіх варунках могуць дапамагчы бацькі? Суразмоўніца «Филина» зазначае, што дарослыя таксама розныя: хтосьці выслухае і падтрымае ў будзь-якім разе, а іншы не гатовы прыняць «іншасць» свайго дзіця, а трэці нават саромеецца пагаварыць пра сэкс і можа зрабіць толькі горш. Тады лепш звярнуцца да псіхолага.

— Калі хочаце быць побач — трэба слухаць і бачыць дзяцей. Яны хлусяць, тое праўда. Яны часцяком маніпулююць, таксама праўда. Таму размаўляць трэба шмат, не эпізадычна, а штодня сачыць, што робіць дзіця, нават які ў яго погляд — і вы заўважыце, калі яно хлусіць, калі ўключаецца маніпулятар, а калі сапраўды дрэнна.

Але вы таксама не мусіце ведаць і ўмець усё. Хоць я сама псіхолаг, але калі ва ўніверсітэце ў сына адкрыўся псіхалагічны гурток, я сказала: канешне, ідзі. Той асяродак даў яму шмат карысных ведаў. Цяпер ужо ў ягонай сям’і гендарная роўнасць — тое, што ёсць па змоўчанні. І я не ўпэўненая, што змагла б так вынікова данесці да яго гэтае разуменне.

Таму, паўтаруся — факультатыў па псіхалагічным дабрабыце для школьнікаў можа мець добры плён, аднак гэта залежыць ад людзей на месцах.

«Вельмі небяспечна, калі пад навучаннем будуць схаваныя маніпуляцыі»

— Ідэя навучаць дзяцей навыкам узаемадапамогі і самадапамогі можа быць вельмі карыснай, — пагаджаецца з каляжанкай псіхолаг, прадстаўніца ініцыятывы «Урачы за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка. — Дзеці сапраўды мусяць ведаць, як распазнаваць свае эмоцыі, чаму тыя ўзніклі, як падтрымліваць адзін аднаго, заўважаць, што камусьці побач дрэнна. А самае галоўнае: калі іх гэтаму навучыць, яны будуць ведаць, да каго і калі звярнуцца па дапамогу.

Вольга Вялічка

Але ведаючы беларускі кантэкст — сістэме адукацыі вельмі важна не пераблытаць псіхалагічную асвету з прафесійнай псіхалагічнай дапамогай.

То-бок, навучыць дзіця базавым навыкам падтрымкі — гэта ОК. Але такое навучанне не можа і не мусіць замяняць прафесійную дапамогу.

Гледзячы на сучасны стан сярэдняй адукацыі ў Беларусі, мы бачым, што ў школах усё больш прасторы не для навучання, а для ідэалагічнага і нават мілітарызаванага выхавання. Усё больш узмацняецца «ваенна-патрыятычны» кампанент. І тут, як на мяне, паўстае пытанне: якой менавіта псіхалагічнай культуры будуць навучаць дзяцей?

Калі задумка рэальна пра эмпатыю, павагу да межаў, уменне прасіць пра дапамогу і аказваць яе, пра самарэгуляцыю — гэта выдатна. Гэта адна з важных частак сталення дзяцей, каб навучыць іх быць сучаснымі, развіваць эмацыйны інтэлект, умець спраўляцца са сваімі эмацыйнымі станамі, а калі бачыш, што не спраўляешся — ісці да спецыяліста.

Аднак калі казаць пра тое, што такі факультатыў можа замяняць псіхолага і сацыяльнага педагога — маўляў, мы дзяцей навучым, і яны самі будуць вырашаць праблемы, то не. Кампанент псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі павінен застацца.

І, канешне, вельмі небяспечна, калі пад гэтым навучаннем будуць схаваныя маніпуляцыі, кампаненты ідэалогіі і «ваенна-патрыятычнага выхавання». На вялікі жаль, у гісторыі мы ведаем дужа прыкладаў такога ўплыву. Адзін з перыядаў — фашысцкая Германія і дзеці, якія выраслі пры ёй (водгукі пра гэта ёсць і сёння).

Такі падыход — не проста дрэнны, а небяспечны. Таму надзвычай важна, што ў гэты факультатыў укладуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)