Политика

У чаканьні «акна магчымасьцяў». Што паказала канфэрэнцыя «Новая Беларусь»

На сёлетняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве беларуская апазыцыя ў эміграцыі падводзіла вынікі сваёй працы, абмяркоўвала тактыку і стратэгію змаганьня з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч акрэслівае на Радыё Свабода некалькі момантаў, на якія варта зьвярнуць увагу.

Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. 8 жніўня 2026 году. Фота: lookby.media

Перамены за год

Што зьмянілася за год пасьля леташняй канфэрэнцыі?

Перадусім, праясьнілася сытуацыя са статусам Сьвятланы Ціханоўскай. Год таму ў палітычным і экспэртным асяродзьдзі ішлі дыскусіі наконт таго, ці будуць замежныя ўрады, найперш краін ЭЗ па-ранейшаму прызнаваць яе ў якасьці лідэра беларускіх дэмакратычных сіл. Маўляў, ейны мандат, атрыманы падчас выбараў 2020 году, быў толькі на пяць гадоў. І фармальна закончыўся год таму.

Цяпер можам канстатаваць, што заходняя супольнасьць працягвае прызнаваць статус Сьвятланы Ціханоўскай як паўнавартаснай прадстаўніцы беларускай дэмакратыі. Больш за тое, адбылася пэўная экспансія на постсавецкую прастору. Маю на ўвазе візыты Ціханоўскай у Армэнію і Ўкраіну.

Другі момант. За год у выніку дыялёгу афіцыйнага Менску і ЗША выйшлі на волю 426 палітвязьняў. Сярод іх — знакавыя фігуры беларускай апазыцыі. Іх зьяўленьне ў эміграцыі ажывіла дыскусіі ў апазыцыйным асяродзьдзі наконт тактыкі і мэтадаў барацьбы.

Нарэшце варта адзначыць прарыў на ўкраінскім кірунку. Гаворка ня толькі пра згаданы візыт Ціханоўскай у Кіеў, сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, фактычнае палітычнае збліжэньне афіцыйнага Кіеву зь беларускай апазыцыяй.

Тут можна казаць, што хада вайны мяняе геапалітычную ролю Ўкраіны. Узрасла яе міжнародная вага ў рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Улады Беларусі вымушаныя прызнаць і прыняць уплыў украінскага чыньніка на рэгіянальны геапалітычны расклад.

Беларуская апазыцыя імкнецца максымальна выкарыстаць гэтую новую сытуацыю. Невыпадкова на канфэрэнцыі ўкраінскаму кейсу была адмыслова прысьвечаная асобная панэль з удзелам палітыкаў і экспэртаў з Украіны, уключна з прадстаўніком МЗС Украіны ў дачыненьнях зь беларускай апазыцыяй Яраславам Чарнагорам.

Захаваньне суб’ектнасьці і адзінага цэнтру

Асноўная ідэя, якая гучала ў якасьці генэральнай лініі, — дэмакратычным сілам трэба рыхтавацца да «акна магчымасьцяў». Хоць Ціханоўская і заявіла, што мы можам паўплываць на стварэньне такога «акна», аднак даміноўнай думкай на канфэрэнцыі было тое, што сытуацыя ў Беларусі і вакол яе залежыць ад вонкавых чыньнікаў: вынікаў расейска-ўкраінскай вайны, палітыкі Захаду ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

І тут уплыў беларускай апазыцыі на сытуацыю можа быць толькі апасрэдаваны, праз палітыку заходніх дзяржаў. Тыя ж санкцыі, пра якія гаварылі на канфэрэнцыі, ці прыцягваньне Лукашэнкі і ягонага атачэньня да адказнасьці магчымыя толькі ў выніку рашэньняў Эўразьвязу ці Міжнароднага крымінальнага суду.

Істотны акцэнт у выступах лідэраў апазыцыі рабіўся на тым, што выкарыстаньне акна магчымасьцяў моцна залежыць ад таго, ці захаваецца суб’ектнасьць дэмакратычных сілаў. За тэзісам аб суб’ектнасьці лёгка чыталася думка пра захаваньне дзейных інстытутаў палітычнай дыяспары, найперш Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады.

Наяўнасьць шырокай інфраструктуры і аднаго цэнтру ёсьць важны здабытак беларускай апазыцыі ў замежжы, яе перавага над палітычнай эміграцыяй іншых недэмакратычных грамадзтваў. Можна канстатаваць, што яе палітычная роля і ўплыў зьяўляюцца ў чымсьці ўнікальным. Гэтак, апазыцыя на заходнім кірунку перайграе дыпляматыю афіцыйнага Менску.

Тэма беларускіх палітвязьняў — у ліку самых «раскручаных» у сьвеце. У сьвеце існуюць дзясяткі краін, дзе ёсьць палітвязьні. Прычым у большай колькасьці, чым у Беларусі. Але менавіта пытаньне беларускіх палітвязьняў стаіць у парадку дня палітыкі ЗША і ЭЗ. І гэта заслуга менавіта апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці.

Унікальнасьць і рэалістычнасьць

Функцыі і задачы, якія стаяць перад беларускай палітычнай дыяспарай, унікальныя яшчэ ў адным сэнсе. Яна становіцца фактарам захаваньня беларускай ідэнтычнасьці, цывілізацыйнага коду нацыі. Такіх задачаў ня маюць, напрыклад, расейская, іранская, вэнэсуэльская ці кубінская эміграцыі. Бо гэтую функцыю выконваюць іхныя дыктатарскія ўрады ў самой краіне. Беларускія ўлады прынялі ідэалёгію «рускага сьвету», пасьлядоўна аслабляючы беларускую ідэнтычнасьць.

Валер Карбалевіч

Захаваньне адзінага цэнтру беларускай апазыцыі важнае яшчэ і на тле ўзмацненьня крытыкі на адрас каманды Ціханоўскай з боку іншых апазыцыйных структур, якія з розных прычын не захацелі аб’ядноўвацца вакол дзейнай дэмакратычнай лідэркі Беларусі. Працэс расчараваньня ў асяродзьдзі дыяспары цалкам натуральны. Калі пэрспэктыва перамогі адсоўваецца за далягляд, гэта непазьбежна вядзе да росту крытыкі каманды Ціханоўскай.

Ідэя «круглага стала» з уладамі Беларусі, якая чарговым разам прагучала на канфэрэнцыі, выглядае прыгожа. Але, пакуль краінай кіруе Лукашэнка, гэтая ідэя ўтапічная. Бо ўладар-аўтакрат катэгарычна адмовіўся ўступаць у любыя перамовы з праціўнікамі нават у момант, калі ў жніўні-верасьні 2020 году на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей.

У Беларусі «круглы стол» магчымы ня як сродак набліжэньня перамен, а толькі як мэханізм вырашэньня крызісу ў момант, калі такія перамены пачнуцца, то бок адкрыецца тое самае «акно магчымасьцяў».

Намесьнік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка на беларускай акцыі да Дня годнасьці ў цэнтры Варшавы. 9 жніўня 2026 году. Фота: lookby.media

Ідэі і праблемы

Віктар Бабарыка падняў вострае пытаньне пра ўплыў палітычнай эміграцыі на ўнутраныя працэсы ў Беларусі. Ён анансаваў свой новы праект — Belarus Network, які павінен вырашыць гэтую праблему. Пакуль гэта выглядае як не да канца сфармуляваная ідэя. Пачакаем практычнай рэалізацыі.

Даволі акцэнтавана гучала тэма інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. Як адзначыў Алесь Бяляцкі, «гэта не пытаньне «хачу — не хачу, падабаецца — не падабаецца», гэта пытаньне нашага выжываньня як народа».

Але гэтая арыентацыя палітычнай дыяспары на Эўропу адбываецца на тле таго, што ўсё больш беларусаў ідуць ваяваць у расейскае войска супраць Украіны, падарожжы зь Беларусі ў Эўразьвяз сталі амаль немагчымыя для большасьці беларусаў у Беларусі, а беларускія імігранты ў ЭЗ усё часьцей сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі. Паміж Беларусьсю і ЭЗ апускаецца «жалезная заслона», прычым яе будуюць з абодвух бакоў.

Задача, якая ўвесь час застаецца актуальнай для апазыцыйных цэнтраў, — гэта мабілізацыя дыяспары. Пра тое, што ў гэтым кірунку існуюць праблемы, сьведчаць сёлетнія выбары ў Каардынацыйную раду. Што цалкам вытлумачальна на тле агульнай дэпалітызацыі і няпэўных перспэктываў перамен на даляглядзе. Наколькі канфэрэнцыя змагла выканаць мабілізуючую функцыю, убачым бліжэйшым часам.