«Беларускае, свабоднае, незалежнае — ўсё роўна прарастае». У Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь»

Мерапрыемства ладзіцца пяты год запар.

Канферэнцыя пачалася з авацыяў былым палітзняволеным, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Фота тут і далей: прэс-служба АПК

Бяляцкі: «Маштаб рэпрэсій не змяншаецца»

Праваабаронца «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі выказаў падзяку і захапленне ўсім, хто ўжо шэсць гадоў працягвае змаганне за свабоду і незалежнасць Беларусі — палітвязням і іх родным, ваенным, актывістам, журналістам ды міжнародным партнёрам.

Галоўныя тэзы з прамовы:

*Маштаб рэпрэсій не змяншаецца. Прамінула шэсць гадоў з пачатку мірнай рэвалюцыі 2020 года, але сістэма не спыняецца. Калі з турмы і выходзяць сотні палітвязняў (прычым многіх гвалтам вывозяць з Радзімы), то на іх месца адразу ж саджаюць новых людзей.

*Страх і страта суверэнітэту. Рэжым Лукашэнкі, апанаваны страхам і пазбаўлены перспектывы, намагаецца ўтрымаць уладу любым коштам — здаючы незалежнасць Беларусі і супольна з Крэмлем беручы ўдзел у ваенных злачынствах.

*Народ як адзіны гарант. Толькі свабодны беларускі народ, які ясна вызначыў свае каштоўнасці ў 2020 годзе, з'яўляецца сапраўдным гарантам суверэнітэту і мае права вызначыць будучыню і лад сваёй краіны.

— Адзіны гарант беларускага суверэнітэту — гэта свабодны беларускі народ, які ясна вызначыў свае каштоўнасці 6 гадоў таму. І за ім павінна быць канчатковае слова ў вызначэнні ладу і лёсу Беларусі, — падкрэсліў праваабаронца.

«Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць»

У сваёй вітальнай прамове Святлана Ціханоўская вярнулася да жніўня 2020-га — да страху, невядомасці, першых сапраўдных вынікаў з участкаў і сотняў тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Па словах Ціханоўскай, перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу:

Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць.

Будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме, ці нешта, чаго сёння ніхто з нас не можа прадбачыць, — мы не ведаем. Але трэба думаць ужо цяпер, як пост-лукашэнкаўская Беларусь будзе выглядаць.

Як не дапусціць хаосу? Як вярнуць законнасць і адчуванне бяспекі? Як правесці свабодныя выбары? Як вывесці Беларусь з расійскага кантролю і вярнуць у еўрапейскую сям’ю?

«Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя»

Прэзідэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла таксама прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі. Яна адзначыла, што сярод прыхільнікаў пераменаў амаль не засталося тых, хто звязвае будучыню з Масквой, адзначае Радыё Свабода. І цытуе:

Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя. Беларускія кнігі абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», рэжым Лукашэнкі дапамагае Крамлю пашыраць «русский мир» у краіне.

Таму я дзякую ўсім, хто захоўвае на чужыне беларускае слова. У такіх умовах нашай галоўнай мэтай становіцца захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

«У нас розныя сябры»

Канферэнцыя «Новая Беларусь» пачалася са спрэчкі паміж Віктарам Бабарыкам і Паўлам Латушкам, паведамляе Еўрарадыё.

На панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў» яны па-рознаму ацанілі цікаўнасць беларусаў у Беларусі да дзейнасці беларускіх дэмсілаў.

«Я размаўляю са сваімі сябрамі ўнутры Беларусі. Ім нецікава, што адбываецца ў беларускіх дэмсілах», — заявіў Бабарыка.

«Я таксама размаўляю з сябрамі ўнутры Беларусі, — парыраваў Павел Латушка. — У нас розныя сябры!»

* * *

8-9 жніўня ў Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь». Анлайн-трансляцыю можна пабачыць тут.

У праграме першага дня запланаваныя панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў», «Праз мір ва Украіне — да свабоды ў Беларусі» і «Постлукашэнкаўская» Беларусь. Рэформы. Перспектывы. Візіі».

Завершаць першы дзень прэзентацыя праектаў і ініцыятываў «Рашэнні для Беларусі», а таксама акустычны канцэрт Лявона Вольскага.

Канферэнцыя «Новая Беларусь» ладзіцца пяты год запар. Увагу да яе традыцыйна праяўляюць спецслужбы Лукашэнкі. Гэтым разам яны спрабавалі выведаць інфармацыю пра мерапрыемства. Раніцай 8 жніўня шэраг незалежных медыя апынуліся пад DDoS-атакай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(5)