Общество

Марына Міхайлава

«Фраза «мы робім гэта для сябе» падмяняе пытанне: чаму сацыяльны аб’ект не адрамантавалі за бюджэтныя сродкі?»

Як улады Беларусі эканомяць на працаўніках і «наводзяць парадак на зямлі» за кошт беларусаў. «Салідарнасць» разбіралася, чаму традыцыя суботнікаў так падабаецца дзяржаве. А таксама – пра норм і стром.

Гомельскі аблвыканкам паведаміў пра першы ў гэтым сезоне восеньскі суботнік. 5 верасня жыхары вобласці добраахвотна-прымусова прынялі уддзел у «рэалізацыі важнага для палескага рэгіёна праекту». Заробленыя сродкі мусяць пайсці на завяршэнне мадэрнізацыі радзільні ў Мазыры.

Мясцовыя ўлады асабліва падкрэслілі, што робіцца гэта ў Год беларускай жанчыны і «для сябе, сваіх дзяцей, нашых бацькоў».

Дарэчы, для гомельскіх уладаў добраўпарадкаваць горад за кошт людзей справа звыклая: нагадаем, летась менавіта тут прыцягнулі настаўнікаў і нават школьнікаў класці тратуарную плітку. Нават суботнік не абвяшчалі, проста распарадзіліся. Імаверна, пад тым жа самым дэвізам — для сябе робіце.

Але ж хіба не дзяржава мусіць дбаць пра сацыяльныя аб’екты, у тым ліку выдаткоўваць грошы з бюджэту на іх рамонт і мадэрнізацыю? Чаму гэта адказнасць перакладаецца на грамадства, і чаму наогул беларускія ўлады так палюбілі адноўленую традыцыю суботнікаў, а таксама «вясеннікаў» і «асеннікаў», якія ладзяцца штогод у кожнай вобласці прыкладна цягам месяца?

Мы запыталіся ў гамельчука, юрыста Асацыяцыі «Солидарность» Леаніда Судаленкі, норм ці стром — заклікаць людзей да неаплочваемай працы пад заклікамі «для сябе ж робіце»?

— Норм, калі людзі самі вырашылі сабрацца і добраўпарадкаваць двор, школу ці дзіцячую пляцоўку. А стром, калі начальства пераконвае: «Гэта ж для вас, вашых дзяцей і бацькоў», — а паспрабуй адмовіцца, тады давядзецца тлумачыцца, чаму ты не з усімі, — мяркуе юрыст.

Мы плацім падаткі, з якіх дзяржава павінна рамантаваць радзільні, школы, бальніцы і дарогі.

Таму фраза «мы робім гэта для сябе» зручна падмяняе іншае пытанне: чаму сацыяльны аб’ект своечасова не адрамантавалі за бюджэтныя сродкі?

Што да любові беларускай дзяржавы да «суботнікаў» і іншых масавых неаплатных прац, тут ёсць некалькі чыннікаў, зазначае Леанід Судаленка.

Па-першае, гэта эканомія: частку дзяржаўных абавязкаў перакладаюць на бясплатную працу людзей. Па-другое, гэта дадатковы збор грошай з работнікаў пад выглядам добраахвотнасці. Па-трэцяе, гэта савецкая мадэль мабілізацыі: улада загадвае, апрацоўныя калектывы арганізавана выконваюць.

І нарэшце, гэта форма кантролю і праверкі лаяльнасці: хто прыйшоў, хто адмовіўся, хто не захацеў «быць як усе».

Бухгалтарскі парадак уліку сабраных сродкаў існуе, дадае юрыст. Але празрыстасць у ім — не толькі паведаміць, куды грошы нібыта накіруюць. Грамадства павінна бачыць, колькі дакладна сабралі, хто распараджаўся сродкамі, якія канкрэтна работы аплацілі і колькі яны каштавалі.

— Сама талака — добрая беларуская традыцыя, але талаку людзі арганізуюць самі. Калі ж яе прызначае губернатар, кантралюе начальнік, а грошы ўтрымлівае бухгалтэрыя, гэта ўжо не талака. Гэта прымус, замаскіраваны пад клопат пра агульнае дабро.

2025 год, пазачарговы суботнік на Гомельшчыне пасля распараджэння правіцеля «навесці жалезны парадак». Архіўнае фота мясцівых СМІ.

І прававы нюанс тут таксама адназначны: дзяржаўная інспекцыя працы прызнае ўдзел у суботніках толькі добраахвотным, а праца ў выходны дзень патрабуе пісьмовай згоды работніка [арт. 137 і 142 Працоўнага кодэкса).

Каму зручная «слаўная і векавая традыцыя»

Чыноўнікі розных узроўняў любяць паўтараць, што суботнікі — гэта «слаўная і векавая традыцыя», «кансалідацыя грамадства вакол нашых традыцыйных каштоўнасцяў» (версія Наталлі Качанавай), «яднанне» (паводле Уладзіміра Караніка) і нават «абавязковы атрыбут жыцця, які з часам, як і выбары, ператварыўся ў свята» (аўтар сентэнцыі — Юрый Караеў).

Паслухаць іх, так сумесная праца на свежым паветры настолькі каштоўная і карысная, што людзі мусілі б даплочваць за ўдзел у ёй.

Але многія беларусы заўважаюць іншае. Фактычны прымус пры дэклараваным добраахвотным удзеле. Навязванне «зверху», а не вырашэнне грамадзянскай супольнасцю, якія аб’екты трэба падтрымаць працай і грашыма. І паўсюдная «паказуха» са  справаздачамі — так, у TikTok ад 18-19 красавіка гэтага года сотні амаль аднолькавых ролікаў з бадзёрымі фотасесіямі працаўнікоў на фоне рыдлёвак ды іншага рыштунку.

Аднак карысць ад гэтай традыцыі безумоўна ёсць — перадусім для дзяржавы. Прыгадаем, колькі аб’ектаў, незалежна ад свайго жадання, беларусы прафінансавалі за апошнія пяць год  — і колькі сродкаў на гэта выдаткавалі.

Сёлета на рэспубліканскім суботніку прыяцгнулі каля 2,3 мільёнаў чалавек і сабралі звыш 20  мільёнаў рублёў. Усе іх абяцалі скіраваць на стварэнне пастаяннай экспазіцыі ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея.

У 2025 годзе рэспубліканскіх суботнікаў было два: у красавіку і кастрычніку. Агулам зарабілі амаль 35,9 мільёна рублёў. Частку гэтай сумы выдаткавалі зноў жа на будаўніцтва гістарычнага музея, рэшту пакінулі Мінску і абласцям. Практычна ва ўсіх рэгіёнах за гэтыя грошы аднавілі мемарыялы часоў Другой сусветнай вайны; на Гродзеншчыне ўклаліся ў добраўпарадкаванне манастыра і аграгарадка ў Жыровічах, у Віцебску — паставілі памятны знак «Працоўнай славы», а пад Мінскам дабудавалі хірургічны корпус абласнога шпіталя.

Суботнік 2024 года прынёс на адмысловы рахунак Мінфіна 15,8 мільёнаў рублёў. Іх размеркавалі паміж Гомельскай, Брэсцкай і іншымі абласцямі на аднаўленне помнікаў Другой сусветнай і стварэнне цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.

З 2020 па 2023 гады на цэнтралізаваных суботніках сабралі больш 45 мільёнаў беларускіх рублёў. Выдаткавалі іх зноў жа на ваенныя мемарыялы — у Азарычах, Хатыні; радзей грошы скіроўвалі на медычныя ці спартовыя ўстановы, дзіцячыя летнікі, у 2021 годзе абяцалі закупіць для беларусаў вакцыны ад каранавірусу, а ў 2020 — завяршыць рэстаўрацыю Нацыянальнага мастацкага музею.

Раней, як мы помнім, сродкі ад суботнікаў збіралі для новага будынку музея Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку, «лінію Сталіна», рэканструкцыю манумента Перамогі, узвядзенне «Мінск-Арэны», рамонт найвялікшага ў краіне летніка «Зубраня», ПЭТ-цэнтр у Бараўлянах, абсталяванне РНПЦ «Маці і дзіця».

То-бок, фактычна паўсюль, дзе дзяржава распачынала маштабныя праекты, а потым аказвалася, што грошай не хапае.

Чым далей, тым больш відавочны перакос у бок зручнай для ўладаў гісторыі, ваенных помнікаў і тэрыторый, да якіх не даходзяць рукі. Ужо нікога не здзіўляе пазапланавая праца ў выходныя і навядзенне марафету, калі правіцель «знянацку» плануе наведаць нейкі горад ці прадпрыемства. Адметна і тое, што лічба ў 2,3-2,4 мільёны ўдзельнікаў суботнікаў у афіцыйных справаздачах фактычна не змяняецца, нягледзячы на масавы адток беларусаў з краіны.

Чыноўнікі, магчыма, наогул не ўсведамляюць: чым часцей яны абвяшчаюць суботнікі, «вясеннікі» ды «асеннікі» пад заклікам працоўнага яднання, тым больш выразна паказваюць: у дзяржавы няма грошай, каб рэалізаваць нават не амбітныя, а звычайныя інфраструктурныя праекты; у краіне нестае працоўных рук, і сітуацыя не паляпшаецца ні з выхадам Качанавай і Ко у двары, ні з завозам працоўных мігрантаў з іншых краін. А ў якасці аб’яднаўчага элементу цяперашнія ўлады могуць прапанаваць толькі савецкае мінулае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)