Гурневіч: «Польскую «Салідарнасць» закаталі ў асфальт, яна восем гадоў не магла нічога зрабіць. У нас прайшло шэсць»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч адказаў на пытанне, ці была ў яго калі-небудзь надзея, што Лукашэнка аддасць уладу дзякуючы дэмакратычным выбарам. І распавёў, якой бачыць Беларусь праз 20 гадоў.

— Калі мне было 18 гадоў у 2001 годзе, безумоўна, у мяне была такая надзея, — кажа Гурневіч ў эфіры на Белсаце. — Думаю, што беларускае грамадства таксама шмат у чым маладое, палітычна неадукаванае (гэта не негатыўная ацэнка, а канстатацыя факта), і многія людзі спадзяваліся, верылі, думалі, што ўсё адбываецца па законе.

Зрэшты, у 2020 годзе мы бачылі квінтэсенцыю наіўнасці, калі людзі ўсё яшчэ верылі, што гэта магчыма — пасля столькіх гадоў, калі Лукашэнка крок за крокам будаваў дыктатуру.

Дзмітрый Гурневіч

— А калі дыктатар будуе дыктатуру, а не прыходзіць на гатовае, гэта значна горш, бо ён кантралюе кожную кропку, дзялянку, дакладна ведае, што зрабіць лепш, дзе заціснуць. Ён 30 гадоў у шапку не спаў, а беларусы, на жаль, адукоўваліся пакаленне за пакаленнем.

Лукашэнка жыве так, як быццам гэта яго апошні дзень. Ён заўсёды максімальна кантралюе сітуацыю. Хоць яго крытыкуюць як такога невука, ён чалавек з цудоўнай палітычнай інтуіцыяй. У яго ёсць сіндром Гарбачова: ён ведае, што, калі трошачкі паслабіць, пачаць адкручваць гайку, то яна пазней дасць табе ў лоб і ўсё разаб'е.

У 2019-м ён пачаў губляць чуйку — яму здавалася, што ён кантралюе сітуацыю, знойдзе нейкі баланс.

Тым не менш, азіраючыся назад, журналіст лічыць, што ў 2020 годзе беларусы выклаліся на 100%.

— Калі хтосьці крытыкуе беларусаў за тое, што яны станавіліся на лавачкі, былі такія рахманыя... Добра, але мы памятаем першыя чатыры дні — барыкады, забойствы... Пратэсты былі вельмі розныя. І называць беларусаў «ружовымі поні» могуць толькі цынічныя і больш за ўсё неадукаваныя людзі.

Тут праблема аказалася ў тым, што беларусы недаацанілі амаральнасці ўлады. Але ўвогуле беларусы, мне падаецца, у 2020 годзе выклаліся на 100%. Рабілі ўсё, што маглі.

Я заўсёды стаўлю ў прыклад Польшчу 80-х: палякі таксама стварылі мільённую «Салідарнасць», былі пратэсты, камуністы, здавалася, ужо лапкі складуць, а потым праз год было ваеннае становішча, і «Салідарнасць» закаталі ў асфальт, яна восем гадоў не магла нічога зрабіць. У нас (прайшло з 2020-га — С.) — шэсць.

На пытанне, якой бачыць Беларусь праз 20 гадоў, Дзмітрый адказаў так:

— Спадзяюся, што можна будзе сесці ў цягнік або самалёт, напрыклад, у Берліне ці Рыме, і без візы даляцець да Беларусі. А беларус на машыне паедзе ў Беласток ці на Балтыйскае мора і не будзе паказваць дакументы і тэлефон на мяжы, бо будзе адна еўрапейская прастора. Гэта, прынамсі, план-мінімум.

Пра мову... Кожны няхай размаўляе на мове, на якой хоча, але дзяржаўнай павінна быць беларуская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)