Общество

Якім было галасаванне за незалежнасць: Цыганкоў і Навумчык паспрачаліся пра падзеі 25 жніўня 1991 года

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык завочна паспрачаліся пра падзеі 25 жніўня 1991 года, калі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.

Дэпутаты Апазіцыі БНФ, 24 жніўня 1991 года

Цыганкоў: «Яны, наменклатура, самі ўжо вырашылі, што зараз прагаласаваць за незалежнасць ім патрэбна»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў напісаў:

– Кожны раз, калі я чую рамантычную версію нашай гісторыі 1991 года пра Давіда і Галіяфа, пра тое, як 30 чалавек БНФ перамаглі кансерватыўную наменклатурную большасць, адчуваю пэўную няёмкасць.

Бо з-за сімпатыяў да апазіцыі БНФ не хочацца гэта і абвяргаць, але разам з тым усё-такі пажадана, каб пры ацэнцы гістарычных падзеяў існавала пэўная аб’ектыўнасьць.

Віталь Цыганкоў

Праўда ў тым, што гэтыя сапраўды гераічныя 30 з лішнім дэпутатаў апазіцыі БНФ перамагалі тады, калі іхныя намаганні ў нейкім пытанні сітуацыйна ці стратэгічна супадалі з інтарэсамі большасці, інтарэсамі наменклатуры.

Таму прыгожая версія пра тое, што 25 жніўня 1991 года Зянон Пазняк сказаў такую прамову, пасля якой усе камуністы раптам вырашылі галасаваць за незалежнасць – глыбока рамантычная, але блытае прычыну і следства.

Рэч у тым, што яны, наменклатура, самі ўжо вырашылі, што зараз прагаласаваць за незалежнасць ім патрэбна.

Адбылося некалькі падзей. Дзень раней, вечарам 24-га за незалежнасць прагаласавала Украіна. Яны адчувалі, што на гэтым фоне заставацца адзін на адзін з дэмакратычнай Расеяй Ельцына страшнавата. І трэба бараніць свае інтарэсы і інтарэсы Беларусі.

Нагадаем, што акрамя рашэння пра незалежнасць у той жа дзень прымалася рашэнне аб тым, што ўсе «саюзныя» прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі становяцца ўласнасцю Беларусі. Без незалежнасці гэта было немагчыма зрабіць.

Спачатку прагаласавалі за незалежнасць, потым прагаласавалі за тое, што ўсе прадпрыемствы пераходзяць ва ўласнасць Беларусі – так што саюзны цэнтр не можа іх сябе падпарадкоўваць і забіраць. Яны разумелі, што ў дадзенай сітуацыі гэта трэба зрабіць, каб быць на адным юрыдычным узроўні ў нейкіх перамовах з Масквой.

Пасля выстаў Пазняка былі выступы наменклатурных высокіх кіраўнікоў, якія ўсе заклікалі галасаваць за незалежнасць, а самае галоўнае, што выступіў прэм’ер Вячаслаў Кебіч, які сказаў, што так, трэба падтрымаць прапанову Зянона Станіслававіча.

Ніхто ім не «адкрыў вочы») Яны па стану на вечар 25 жніўня ўжо былі гатовыя да гэтага рашэння. Выступаў бы Пазняк, не выступаў – гэта б не мела ніякага значэння. 256 галасавалі за, 0 супраць, 9 не галасавалі.

А вось калі нешта не супадала з іхнымі інтарэсамі, то як прыгожа не выступалі б дэпутаты апазіцыі, гэта на большасць ніяк не ўплывала.

Ужо ў 1992 годзе Вярхоўны Савет прагаласаваў супраць рэферэндуму аб новых выбарах. На рэферэндум прапаноўвалася правесці выбары на аснове новага дэмакратычнага выбарчага закона, распрацаванага апазіцыяй БНФ, і стварыць прафесійны парламент. Гэта азначала б змену не толькі складу, але і самога тыпу палітычнай сістэмы. У планы наменклатуры гэта не ўваходзіла.

І ўсе выступалі прыгожа, і Пазьняк, і Навумчык, Дзейка, Сямдзянава, Герменчук ды іншыя. Нуль эфекту. «За» рэферэндум прагаласавала толькі 35 дэпутатаў.

Тое ж самае ў 93м годзе, калі большасць прагаласавала, каб Беларусь уступіла ў АДКБ. І гэтай далей.

Я, працуючы парламенцкім карэспандэнтам у Вярхоўным Савеце штодня ў 1990-96 гадах, магу ўспомніць хіба адно рэальна эмацыйнае галасаванне – за бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Тады сапраўды, многія дэпутаты мянялі сваю пазіцыю менавіта ў выніку дэбатаў і дыскусіяў.

Але гэта, дарэчы, уваходзіла ў стратэгію наменклатуры, якая якбы сказала – «бярыце незалежнасць, сцяг, мову, адукацыю, культуру – мы не супраць. Але маёмасць і ўлада застанецца за намі».

Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце складалася прыкладна з 30 чалавек. Яна была ўплывовай інтэлектуальна і палітычна, здолела дамагчыся дзяржаўных сімвалаў, перайменавання краіны, беларусізацыі і іншых прынцыповых рашэнняў.

Але колькасна яна заставалася меншасцю, і аб’ектыўна не магла перамагаць у тых пытанняў, калі большасць не адчувала свае інтарэсы. А лірыка пра тое, што нехта прыгожа выступіў, і ўсе памянялі свае погляды – гэта для мастацкага кіно.

Навумчык: «Калі б не БНФ — у Авальнай залі 25 жніўня 1991 было б пуста»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык у адказ раскрытыкаваў «абвяргацеляў ролі БНФ і яго дэпутатаў у здабыцці Незалежнасці»:

– Калі б не БНФ — у Авальнай залі 25 жніўня 1991 было б пуста. Усё б завяршылася 24 жніўня, і завяршылася — нічым.

Навумчык адзначыў, што Цыганкоў не ўзгадаў два істотныя моманты:

– Першы. Прэзыдыюм ВС зьбіраўся правесьці сэсію ў адзін дзень, 24 жніўня, і разгледзіць толькі два пытаньні: «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы». Менавіта гэтую прапанову агучыў ад імя Прэзыдыюму Шушкевіч. Пытаньня аб Незалежнасьці яны не выносілі.

Сяргей Навумчык

І каб ня дзеяньні дэпутатаў БНФ (якіх падтрымлівалі людзі на Плошчы), яны б і скончылі ў той жа дзень (і ніякага ўплыву прыняцьця ўвечары 24 жніўня Ўкраінай Незалежнасьці на дэпутатаў ВС БССР ужо б не было, дакладней, яны б ужо былі ў дарозе, сэсія ж скончылася б).

І другое — а ў прынцыпе, галоўнае: менавіта на патрабаваньне дэпутатаў БНФ і былі скліканая Сэсія. Мы дамагаліся гэтага з 19 жніўня, зьбіралі подпісы дэпутатаў (сабралі 80), насядалі на Дземянцея, Шушкевіча, іншых членаў Прэзыдыюму ВС. Усё гэта дакумэнтальна зафіксавана (захаваліся стэнаграмы Прэзыдыюму). 22 жніўня яны нарэшце прынялі рашэньне склікаць Сэсію.

Не было б БНФ — не было б і сэсіі. Не сабраліся б на яе камуністы, якія, як ты лічыш, без усякага ўплыву Пазьняка і БНФ аж гарэлі жаданьнем абвясьціць Незалежнасьць.

Ну ўзьдзеяньне прамовы Пазьняка перад галасаваньнем не аспрэчваў нават Шушкевіч, які (і гэта ёсьць у стэнаграме) услых выказаў сумнеў, што ўдасца набраць канстытуцыйную большасьць. Могуць гэта пацьвердзіць і іншыя дэпутаты, якія яшчэ жывыя (уяўляю, якая колькасьць тэорый зьявіцца, калі ўсе сыдзем у магілу).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(26)