Ярашук: «Генадзь Мікалаевіч ні разу не даў аніводнага шанцу рэжыму скарыстацца сабой»

Лідар незалежных прафсаюзаў — да 90-годдзя выбітнага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна.

Генадзь Бураўкін. Фота: Новы Час

— Мала каго з беларускіх паэтаў і пісьменнікаў паважаю так, як Генадзя Мікалаевіча, — піша Аляксандр Ярашук. — Мяне пазнаёміў з ім Яраслаў Еўдакімаў, гадавіна зыходу з жыцця якога нядаўна адзначалася.

Адкрыты, просты чалавек, з ім нязменна цікава было размаўляць, абменьвацца думкамі. Апантаны беларушчынай і роднай мовай, Бураўкін не мог спакойна ставіцца да палітыкі русіфікацыі, што пачалася ў краіне з 1994 года.

Генадзь Мікалаевіч ніколі не хаваў свайго стаўлення да беларускага рэжыму і ні разу не даў аніводнага шанцу яму сабой і сваёй творчасцю скарыстацца. У адказ атрымаў тое ж самае. Фактычна быў забаронены ўладамі.

Калі ён памёр ад цяжкага захворвання, мяне не было ў краіне. І я вельмі шкадаваў, што не змог з ім развітацца. Адзінае, што адразу зрабіў, калі вярнуўся, паставіў свечку ў Петрапаўлаўскай царкве на Нямізе, дзе Генадзя Мікалаевіча адпявалі.

Цікавая адметнасць. Ніхто з па-сапраўднаму таленавітых творцаў, пісьменнікаў, паэтаў, спевакоў, волатаў зямлі беларускай, ні Васіль Быкаў, ні Рыгор Барадулін, ні Ніл Гілевіч, ні тыя ж Генадзь Бураўкін і Яраслаў Еўдакімаў, ні многія іншыя не заплямілі сябе хаўрусам з рэжымам, адвяргалі яго на генетычным ўзроўні, рэзка негатыўна ставіліся. І гэта таксама адзнака нялюдскага, антынароднага яго характару.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)