Анастасія Свіркова: «У барацьбе з рэжымам падтрымлівае адчуванне, што я павінна вярнуць сабе Радзіму»

Пра пераход на беларускую мову, жаночую моц і ці можна жыць без адной ныркі, «Салідарнасці» распавяла чаліня Каардынацыйнай Рады чацвёртага склікання і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Аўстрыі Анастасія Свіркова.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

Анастасія ішла ў Каардынацыйную раду пад нумарам 11 выбарчага спісу «Еўрапейскі выбар». Фракцыя атрымала 11 мандатаў.

— Але ж інфармацыя пра DDoS-напады на платформу і вынік выбараў супярэчлівыя. Некаторыя не разумеюць «што там з гэтымі выбарамі ўвогуле атрымалася. Здаецца, што не атрымалася».

— Ужо атрымалася. Калі нават у часткі беларусаў ёсць магчымасць казаць, што мне патрэбен чалавек, які будзе прадстаўляць мяне і мае каштоўнасці на іншым узроўні, яны маюць права зрабіць такі выбар, і яны яго зрабілі.

Людзі разумеюць, што зараз складана галасаваць увогуле, складана ўсіх аб’яднаць. Але зараз мы можам казаць, што мы адпавядаем інтарэсам групы беларусаў, якія абралі сваіх прадстаўнікоў.

Шчыра кажучы, калі мяне запрашалі ў гэты спіс, я не ведала, ці хачу туды ісці, бо працы хапала і без КР. Таму казала, што вы мяне пастаўце недзе там не спераду, а далей. Бо для мяне ў той час гэта не з’яўлялася прыярытэтам.

Мяне паставілі пад нумарам 11. Столькі ж у выніку ўвайшло у КР з 17 чалавек, хто быў у спісе.

Наша фракцыя атрымала другое месца па колькасці галасоў, і гэта добры вынік. Ёсць некалькі сотняў чалавек, якія пажадалі бачыць нас сваімі прадстаўнікамі.

Разумею, што за КР рэжым вельмі пільна сочыць, яму вельмі не падабаецца гэты ворган. То бок «добрыя боты, трэба браць».

Пасля падзей 2020-га Анастасія зразумела, што ў Аўстрыі, дзе яна жыве з 2012-га, таксама патрэбная Народная амбасада. І змяніла ўвесь свой кар’ерны шлях. У Беларусі і пасля пераезду яна працавала хімікам-навукоўцам.

— Мой пераезд не быў вымушаны. Але калі ты працуеш навукоўцам у Беларусі, і твой заробак каля 100-200 даляраў, ці можна на гэта нармальна пражыць? Шукаюцца падпрацоўкі, пачынаецца жыццё-выжыванне. Таму людзі з’язджаюць. Здаецца, што па эканамічным прычынам, але эканамічныя прычыны ідуць ад такой палітыкі ў краіне. То бок гэта насамрэч таксама палітычная эміграцыя.

Анастасія працавала хімікам-навукоўцам у Тэхнічным універсітэце Вены. Кажа, што гэта была вельмі ціхая праца, калі ты праводзіш даследванні ў лабараторыі, выкладаеш студэнтам, пару разоў на год выязджаеш на канферэнцыі.

У 2020-м жанчына зразумела, што далей так жыць не можа: 

— Зразумела, што не магу займацца даследваннямі, калі з маёй краінай адбываецца гэты жах. Узнікла вялікае абурэнне.

Тое, што адбывалася ў Беларусі, мне не падабалася з першага рэферэндуму, калі і тэрміны [знаходжання Лукашэнкі на пасадзе] былі падоўжаныя, змяніліся сцяг і герб.

Я выхоўвалася ў сям’і, дзе заўсёды на часопісным століку ляжала «Белорусская деловая газета». Заўсёды было разуменне: таго, што адбываецца ў краіне, быць не павінна. З майго боку заўсёды была мінімальная падтрымка дэмакратычнага руху, але ж актывісткай я сябе не лічыла.

Першы набат прагучаў для мяне ў 2014-м, пасля Крыма і пачатку вайны ва Украіне. Тое, што здарылася з Крымам, успрымаю нібыта яго скралі ў мяне.

Тады я пачала расказваць замежнікам, як гэта выглядае для нас. То бок першыя спробы ўплыву на інфармацыйны вакуум. На выбары 2015-га я нават не пайшла. Папросту была туга. А ў 2020-м, калі пачалі з’яўляцца рэальныя цікавыя кандыдаты, экзітполы ў розных краінах, пачалася дзвіжуха, гэта стала вельмі натхняльна.

У 2020-м у Аўстрыі перамагла Святлана Ціханоўская:

— Гэта быў час, калі адзін амбасадар сышоў, каманда новага яшчэ не даехала. Выбары правялі сумленна, было відавочна, што перамагла Святлана. Нават па людзях, якія стаялі ў доўгай чарзе, было бачна, за каго яны будуць галасаваць.

Амаль усе былі ў белым адзенні, з белымі стужкамі. Пасля вынікаў каля амбасады ўпершыню было адчуванне перамогі.

Але ў першыя ж дні мы пабачылі, што сумленне прадстаўнікоў афіцыйных амбасад на тым і сканчалася, і што яны далей будуць прадстаўляць рэжым і не адпавядаюць нашым інтарэсам. І каб падтрымаць беларусаў, пачалі стварацца Народныя амбасады Беларусі па ўсім свеце.

Бо калі бачыш гэтую хвалю гвалту ў Беларусі, калі бачыш колькі людзей галасуюць, як гэта ўсё адбываецца, колькі людзей выходзяць на вуліцы, а табе нібыта плявок у адказ, — 80%... Гэта было такое велізарнае разыходжанне, што ўжо нельга было маўчаць.

Анастасія кажа, што ў яе няма страху з-за таго, што яна пайшла ў палітыку, хутчэй хваляванне.

— Калі мы баімся, то як тым, хто застаўся ў Беларусі? Хто будзе за іх казаць і змагацца? Ніколі не было, што вось усе ўсталі і пайшлі на барацьбу. Не трэба чакаць актыўных дзеянняў ад усіх без выключэнняў. Гэта не адпавядае чалавечай прыродзе. Нехта адмаўляецца, нехта не гатовы, але пакуль ёсць паплечнікі, тыя з кім можна гэта рабіць, трэба ісці далей.

У Беларусі Анастасія працавала ў БелМАПА, на мяжы хіміі і медыцыны. Працавала з людзьмі і жывёламі, з медыкамі і насельніцтвам, рабіла навуковыя даследванні. Выпрацоўвала аналіз ныркавых камянёў, пачаўшы рабіць гэтыя аналізы ўпершыню ў Беларусі.

— Адкуль бяруцца ныркавыя камяні? Часам кажуць, што не тое з’еў ці лад жыцця не такі, вады не піў.

— На жаль, ныркавыя камяні сустракаюцца нават у тых, хто толькі нарадзіўся. Генетычны фактар грае сваю ролю. Ад малака ці ад тваражку камяні не з’явяцца. Яны могуць з’явіцца, калі чалавек мала рухаецца, п’е мала вады. Таму ў калясачнікаў рызыкі больш. Калі прымаць лекі, бады ў вялікай колькасці без кантролю лекара. Гэта як са спортам — без фанатызма.    

— Часам чуеш жарт: столькі грошай трэба, што толькі нырку прадаць. Ці можа чалавек жыць з адной ныркай, альбо гэта ўжо прысуд?

— Пачынаючы з жарту, скажу, што прадаць нырку не так проста. Калі нават вам вельмі захочацца, хто набудзе вашу нырку? Вы ж не выкладзеце аб’яву ў інтэрнэт, і ніхто не пабяжыць у вас купляць. Бо нырку трэба захоўваць, аперацыю рабіць, гэта ўсё вельмі складана і таксама каштуе грошы.

Па-другое, зразумела, што лепей мець дзве ныркі, але бывае інакш. Здараецца, што чалавеку зрабілі аперацыю, і засталася адна. Але арганізм чалавечы вельмі ўстойлівы, ён столькі можа вытрымаць...

Гэта такі вялікі цуд, чалавечае жыццё, чалавечае цела, арганізм. І псіхіка чалавечая. І нават без ныркі можна жыць.

Як кажуць дактары, вельмі важны складнік жыцця — калі чалавек хоча жыць, і калі яго родныя хочуць, каб чалавек жыў. Як пойдзе аздараўленне пасля аперацыі, аднаўленне — вельмі залежыць ад настрою. Калі мы хочам жыць і паляпшаць наша жыццё, жыццё нашых блізкіх — гэта вельмі станоўча адбіваецца на нашым целе і нашым духу.

Калі я нараджала свайго сына, яшчэ ў Беларусі, глядзела на немаўля і не ведала, што з ім рабіць. Каб не нашкодзіць якім няўдалым рухам. Кажу медсястры: «Як яго памыць? Я ўвогуле баюся яго ўзяць на рукі». Яна адказала: «Ты з лялькамі ў дзяцінстве гуляла? Дык вось дзіця чалавечае яшчэ больш устойлівае, чым тыя лялькі. Не бойся!»

Запомніла гэта на гады, бо насамрэч чалавек вельмі, вельмі ўстойлівы.

Анастасія распавядае, што галоўны агеньчык, які падтрымлівае яе ў барацьбе з рэжымам, — адчуванне, што павінна вярнуць сабе Радзіму. І іншых беларусаў таксама. Каб прайсці па ўлюбёным менскім вуліцам, дзе расла і вучылася. Каб пабачыць свой універсітэт і парк. Ды і шмат чаго яшчэ.

— Перад паездкай на «Тутаку», мяне пыталіся: «Хвалюешся, бо будзеш выступаць?» Не, хвалявалася таму, што буду ў 20-ці кілометрах ад мяжы. Я так блізка не была яшчэ ні разу з 2020-га. Гэта мая Радзіма, якую я амаль бачу, але нехта вырашыў, што я не магу туды прыехаць. Ну, то бок, трэба вяртаць.     

Анастасія кажа, што ў Аўстрыі прыкладна 3 тысячы беларусаў. У 2020-м у выбарах паўдзельнічала каля 300 чалавек. Гэта і ёсць актыўны касцяк. Да іх прыязджалі і Вольскі, і Стыльскі, Naviband, увосень чакаецца Саша Філіпенка.

Беларусы Аўстрыі збіраюцца на Купалле, а калі няма нагоды, наўпрост паразмаўляць у кавярні сам-насам. Рэжысёрка Марына Якубовіч ладзіць у Зальцбургу спектаклі, таксама ёсць беларускі хор.

— Кожны год прыязджае з розных прычын Святлана Ціханоўская, стараемся зрабіць і сустрэчу з дыяспарай.  

Аднойчы нават малявалі з ёй разам велізарны мурал, 3 на 3 метры, з нашай Пагоняй на чырвоным фоне. У Вене ёсць месца, дзе вольныя мастакі могуць пакінуць заяўку, што будуць маляваць мурал.

На іншай сустрэчы намалявалі контуры Беларусі і прапанавалі людзям прынесці нешта такое сваё, што можна пакласці на гэту карту. На тое месца, адкуль яны родам. Вельмі сімвалічна атрымалася, Святлана Георгіеўна паклала кветачку.

Анастасія абрала Аўстрыю яшчэ і таму, што ў нас вельмі подобныя менталітэты.

— Мы таксама жывем побач з «вялікім братам», з якім большасць размаўляе на агульнай мове.

Часам аўстрыйцы пытаюць: «Чым вы адрозніваецеся ад Расеі? Вы ж таксама па-расейску размаўляееце». І мне вельмі падабаецца адказваць: «Ну а вы чым ад немцаў?»

Пытанні адразу знікаюць.

Мы так доўга былі пад ціскам Расеі, што толькі зараз у многіх беларусаў з’явілася адчуванне сваёй значнасці і асаблівасці. Я, напрыклад, не размаўляла па-беларуску да мінулага года ўвогуле.

Мы тады ехалі з дзецьмі адзначаць Дзень роднай мовы ў Вену, прыязджаў Naviband. Едзем і кажу дзецям: «Да Вены нам некалькі гадзін, таму давайце размаўляць зараз толькі па-беларуску». Яны такія: «А як гэта? Мы не гатовыя». Кажу, нічога, спачатку не зразумееце, потым будзе лягчэй.

Дзень роднай мовы прайшоў і што — вяртацца на рускую? Я яе таксама лічу сваёй мовай, бо яна не расейская. У мяне дзве мовы, усё маё.

Спачатку было складана адразу перайсці на беларускую, слоўнікавы запас быў маленькі. Даводзілася больш часу выдаткоўваць, калі пішу. Хуткасць пры размове кульгала, бо цяжка слова ўзгадаць. Ну, як мне параілі, тады «лупі трасянкай» (усміхаецца).

Мова мае сэнс і значэнне. Бо людзі адразу разумеюць, што мы не расейцы. Што мы з іншай самастойнай краіны.

Анастасія перагледзела і погляд на жаночыя калектывы, з якімі таксама звязана шмат стэрэатыпаў.

— Раней у Беларусі я глядзела на жаночыя калектывы, як і шмат хто, кіруючыся пэўнымі стэрэатыпамі. Маўляў: «дык жаночы калектыў, што тут яшчэ дадаць!» А пасля 2020-га патрапіла на праграму, накіраваную на лідарак з Беларусі. Гэта было вельмі натхняльна, падумала: «Вау! Які добры можа быць жаночы калектыў, і як добра мы можам адчуваць адна адну».

Прыйшло разуменне жаночай моцы, бо яна іншая, з іншым пачуццём. Не слабей, не менш, не больш, не горш за мужчынскую. Проста іншая. Жанчыны, якіх я сустракаю, натхняюць і прыемна ўражваюць, захапляюць.

У 2020-м у беларусаў запалілася вера ў людзей і ў нашу агульную беларускую моц. Гэта тое, што стала відавочным, і гэта тое, што мяне падтрымлівае і дагэтуль. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)